Пасхальнае пасланне епіскапа Слуцкага і Салігорскага Антонія

пастырам, дыяканам, манахам і ўсім верным сынам і дочкам Слуцкай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы

Узлюбленыя ў Госпадзе шаноўныя прасвітары і дыяканы, богалюбівыя інакі і інакіні, дарагія браты і сёстры!

            Ад паўнаты сэрца вітаю вас словамі пасхальнага дабравесця:

хрыстос уваскрэс!

хрыстос уваскрэс! — гэта вестка пра тое, што дабро мацней за зло!

хрыстос уваскрэс! — гэта пароль нашай неўміручасці!

хрыстос уваскрэс! — а значыць, уваскрэсне і кожны з нас!

Любоў да жыцця і непрыманне смерці закладзены ў нашу прыроду. Чалавечая натура нямым крыкам пратэстуе супраць смерці. Нават многія няверуючыя ў глыбіні душы не могуць прымірыцца з тым, што аднойчы ўсё скончыцца нічым.

І сапраўды, Бог стварыў нас не для смерці! Ён стварыў нас для жыцця — паўнавартаснага жыцця ў шчасці, радасці і любові.

Смерць — гэта рана, якую нанёс светабудове грэх. Смерць — гэта найвялікшая несправядлівасць. Гэта тое, чаго не павінна было быць.

Але так узлюбіў Бог свет, што Сына Свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто веруе ў Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае (Ін. 3: 16). Смерць і пекла аказаліся не ўладнымі над Сынам Божым — Сынам чалавечым! Вось чаму сёння мы спяваем: «Цяпер усё напоўнілася святлом — і неба, і зямля, і прадонне»!

Гасподзь кажа: Хто есць Маю Плоць і п’е Маю Кроў, той мaе жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень (Ін. 6: 54). Такім чынам, шляхам да ўваскрасення з’яўляецца для нас Еўхарыстыя.

Але важна памятаць, што Прычашчэнне Святых Хрыстовых Тайн павінна стаць выяўленнем і пацвярджэннем нашай любові да бліжніх, нашага яднання з бліжнімі ў Царкве. Вось запаведзь Мая: каб вы любілі адзін аднаго, як Я ўзлюбіў вас (Ін. 15: 12), — абвяшчае Спасіцель на Тайнай вячэры, якая стала правобразам Літургіі. А прападобнаму Ісааку Сірыну яго манаская палымяная адвага дазволіла сказаць: «Хто знайшоў любоў, той кожны дзень і кожную гадзіну спажывае Хрыста і робіцца ад таго бессмяротным» (Слова 83. Аб пакаянні).

Свяціцель Грыгорый Багаслоў навучае нас, як трэба сустрэць светлае свята Пасхі: «Уваскрасення дзень — зручны пачатак. Прасвятлімся радасцю і абдымем адзін аднаго. Скажам “браты!” і тым, хто ненавідзіць нас. <…> Саступім усё Ўваскрасенню; даруем адзін аднаму» (Слова 1. На Пасху).  Цудоўныя словы! На самой справе, Уваскрасенне Хрыстова — вось нагода для таго, каб кожнаму з нас растаптаць сваю гардыню і ад сэрца дараваць нават тым, хто прычыняе нам боль. Бо ў параўнанні з дарам бяссмерця, які Хрыстос падносіць тым, хто ідзе за Ім, усе нашы чалавечыя спрэчкі і канфлікты — нішто!

У гэтыя радасныя пасхальныя дні вітаю і абдымаю моладзь Слуцкай епархіі. Нагадваю вам, дарагія, аповед евангеліста Іаана Багаслова пра Ўваскрасенне Спасіцеля: Выйшаў тады Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы; яны беглі абодва разам, але другі вучань бег хутчэй за Пятра і прыйшоў першым (Ін. 20: 3-4).

«Другі вучань» — так святы Іаан Багаслоў называе самога сябе, самага малодшага з апосталаў. На момант Уваскрасення Хрыстовага, згодна з паданнем, ён быў падлеткам, амаль дзіцём.

Мяркую, гэта і ёсць славесная «ікона» жыцця моладзі ў Царкве: пачуўшы Добрую вестку, бегчы з усіх сіл, бегчы праз сонны горад, дзе раскрыжавалі Месію, — і нарэшце дабегчы, і ўбачыць магілу пустой, і сведчыць пра Ўваскрасенне Госпада бліжнім і дальнім. У Хрысце актыўнасць і рухавасць моладзі праабражаюцца і робяцца асновай дзейнай любові. У Слуцкай епархіі менавіта моладзь сістэматычна займаецца дабрачыннасцю, дапамагаючы самым розным людзям, якія жывуць у нястачы: дзецям-сіротам, адзінокім састарэлым, людзям з фізічнымі і інтэлектуальнымі абмежаваннямі. І гэта, без перабольшання, — праца апосталаў і жанчын-міраносіц нашых дзён! Усіх заклікаю пераймаць гэты добры прыклад.

Усіх вас, дарагія айцы, браты і сёстры, заклікаю таксама малітвай і па магчымасці справай дапамагчы ў завяршэнні будоўлі кафедральнага сабора Нараджэння Хрыстовага ў Салігорску, храма Ўзнясення Гасподняга ў Нясвіжы і храма свяціцеля Нікалая Цудатворца ў Старых Дарогах. Кожны з гэтых храмаў абяцае стаць архітэктурнай украсай горада. Кожны з іх будзе не толькі домам малітвы, але і цэнтрам духоўнай асветы, місіянерства, сацыяльнага служэння. У гэтых храмах наш народ будзе славіць Госпада Іісуса Хрыста, Які быў распяты за нас, і пакутаваў, і быў пахаваны, і ўваскрэс на трэці дзень, згодна з Пісаннем.

Зноў і зноў віншую вас, узлюбленыя, з Пасхай Хрыстовай!

І няхай будуць поўнымі непахіснай веры, шчырай надзеі і гарачай любові нашы словы:

хрыстос уваскрэс!

Сапраўды ўваскрэс Хрыстос!

епіскап Слуцкі і Салігорскі

Пасха Хрыстова

2016 г.

горад Слуцк

(26)