На свята Нараджэння Прасвятой Багародзіцы

21 верасня на свята Нараджэння Прасвятой Багародзіцы настаяцель храма прападобнага Сімяона Столпніка в. Барок протаіерэй Георгій Пятроўскі быў запрошаны на факультатыўныя заняткі ў 4 клас СШ№6 горада Слуцка. Бацюшка, выкарыстоўваючы наглядны матэрыял, падрабязна распавёў дзецям пра прадгісторыю свята.  Казаў пра тое, што царкоўны год пачынаецца з верасня і што Свята Нараджэння Прасвятой Багародзіцы — першае вялікае свята, якое ўваходзіць у лік дванаццаці свят, якія праваслаўныя вернікі святкуюць на працягу ўсяго году.
Айцец Георгій асаблівую ўвагу дзяцей звярнуў на духоўны і псіхалагічны стан біблейскіх герояў свята. Іакім і Ганна, будучыя бацькі Марыі, былі крыштальна чыстымі, бязхітраснымі людзьмі. Мелі глыбокую веру ў Бога, стараліся жыць па запаведзям, імкнуліся цалкам і сумленна выконваць  Маісееў закон. У іх, нягледзячы на тое, што яны ўжо разам пражылі доўгае жыццё, не было дзяцей. А адсутнасць дзяцеў тады лічылася знакам Божага пакарання. Няма дзяцей – значыць, людзі грэшныя, значыць, Гасподзь за нейкія грахі пакараў адсутнасцю дзяцей. І зразумела, што суседзі і не толькі суседзі, а ўсе людзі лічылі за абавязак напомніць Іакіму і Ганне аб іх невядомых патаемных грахах. А Іакім і Ганна ўсе дакоры, зневажанні, насмешкі, прыніжэнні пераносілі са смірэннем, цярпеннем і любоўю. Яны не імкнуліся адстойваць, абараняць сваю годнасць, даказваць, што людзі памыляюцца, што ў іх няма грахоў, за якія Господзь іх так пакараў. Яны мелі вялікую веру ў Бога. На працягу ўсяго жыцця ў малітвах звярталіся да Яго з просьбай аб дзіцяці. Бог чакаў, не спяшаўся адклікнуцца на іх просьбы. А яны ніколі не страчвалі  надзеі і веры. І працягвалі верыць і прасіць.
Нам даволі цяжка зразумець псіхалагічны стан Іакіма І Ганны, але за- тое мы бачым вынік цярпення, смірэння, надзеі, вынік глыбокай непахіснай веры ў промысел Божы. Так і мы ў жыцці павінны старацца быць падобнымі на бацькоў Прасвятой Дзевы Марыі, і Гасподзь нас ніколі не пакіне.

(29)