Разважанні пасля знаёмства з артыкулам на сайце газеты «Курьер» «Ты плохая. Не хочу есть кашу»

Учора вечарам паехаў на сваю малую радзіму, каб наведаць бацькоў. Пераначаваў і раненька раніцай назад. Прыехаў дадому, і як заўсёды, вырашыў паглядзець навіны. І тут на самым лепшым сайце прачытаў заметку. І так яна мне запала ў душу, узрушыла, што аж слоў няма. Але ж паснедаў, прыехаў у Барок. Ды нягледзячы на тое, што шмат работы: агарод выбіраць трэба, травічка таксама вялікая вырасла – трэба касіць, вецер парваў парнік і, калі мароз, памідоры замерзнуць, усё пакінуў і сеў пісаць гэтую пісаніну.
Прызнаюся, што тэма сям’і, выхавання дзяцей блізкая майму сэрцу. Заўсёды цікава паразважаць. Вось і зараз так хочацца выліць свае думкі на паперу (не, паперы ўжо лічы што няма, дык тады куды: на камп’ютар, на «ворд», «поделиться мыслями в сети», выбірайце, што больш падабаецца), што проста не магу сабой авалодаць. Даруй, Госпадзі, за гонар і за самасць.
Што мне перш-наперш хочацца сказаць: у кожнай гісторыі ёсць прадгісторыя. І каб дасканала і падрабязна разабрацца, што адбываецца сёння, трэба сумленна, скурпулёзна высвятліць, як мы «докатились до жизни такой». З чаго ўсё пачыналася? А пачыналася ўсё з таго, што Анастасія і Уладзімір пазнаёміліся, пакахаліся, а потым і пажаніліся, а праз год нарадзілі дзіця. Як і ў Анастасіі, так і ў Ўладзіміра была сям’я, напэўна, ёсць і зараз. У гэтай сям’і яны нарадзіліся, выраслі, атрымалі суадноснае выхаванне.
Я не буду шмат разважаць, толькі адзначу, што калі Анастасія і Уладзімір яшчэ сябравалі, яны, пэўна ж, марылі аб тым, што ў іх будзе самая лепшая сям’я, што яны ніколі не будуць сварыцца, усё будуць рабіць разам, а дзеці ў іх будуць самымі лепшымі. Гэта былі мары. Але Анастасія і Уладзімір на той час нават і не падазравалі, што недзе там, глыбока, у патаемных сховішчах душы, ужо даўно закладзена матрыца іх будучай сям’і. І ў свой час гэтая матрыца дасць ведаць аб сабе. Што гэта значыць? Гэта значыць тое, што тая сям’я, у якой мы нарадзіліся і выраслі, свядома і несвядома фарміруе нашу будучую сям’ю, нашы адносіны і паводзіны са сваім супругам ці супругай.
Што можна сказаць пра сям’ю Анастасіі? Главой сям’і, у якой яна нарадзілася, была мама. Мама не лічылася з думкай таты. Яна лічыла, што яе пункт гледжання, канешне ж, і ёсць самы правільны. У сям’і Валодзі таксама кіравала мама. Чаму я так думаю? Калі б, напрыклад, на чале сям’і Валодзі быў бацька, Уладзімір проста не змог бы пражыць з Анастасіяй ажно чатыры гады. Калі б бацька быў дэспатам, то і сын бы з Анастасіяй размаўляў пры дапамозе кулакоў. Ёсць і яшчэ адзін варыянт: калі б главой сям’і быў бацька і калі б ў Уладзіміра была жывая вера ў Бога, то ён бы паводзіў сябе па-другому. Ён бы пры сыне не спрачаўся са звяглівай жонкай, не абвінавачваў яе, не абзываў і не прыніжаў. Стараўся б абыходзіць вострыя вуглы. І ў яго б заўсёды была думка: «Госпадзі, прасці мяне. Я ведаю: што заслужыў, тое і атрымаў. Уразумі, навучы мяне жыць з мірам і несці свой крыж. Дапамажы выхаваць сына».
І яшчэ. У артыкуле напісана, што выхаваннем сына займалася Анастасія. Гэта пацвярджае маю думку, што бацька Уладзіміра з маленькім Валодзем праводзіў даволі мала часу. Ён проста капіруе паводзіны свайго бацькі. І як цікава напісана, што Ўладзімір каля гадзіны чытаў казкі. Так смешна: калі бацька чытае па-сапраўднаму, а не для адчэпкі, ён ніколі не рэгламентуе. Калі робіцца з душой, з сэрцам, а не таму, што так сказала рабіць жонка…
Можна, канешне, сказаць, што калі ў сям’і главой сям’і з’яўляецца жанчына, мама, то гэта ўсё «проделки американских агентов ЦРУ». Гэта яны ўсё робяць для таго, каб разваліць нашу праваслаўную беларускую сям’ю. Робяць, каб у сем’ях нараджаліся хлюпікі, мамінкіны сыночкі, якія ўсё жыццё трымаюцца за спадніцу. Спачатку маміну спадніцу, а потым, калі ажэняцца, і жонкіну. А з хлюпікамі і ваяваць не трэба, яны і так усё аддадуць.
А калі сур’ёзна, то паўстае пытанне: што рабіць, каб спыніць развал сям’і, спыніць гэты «эфект даміно»? Што рабіць, каб хлопчыкі вырасталі сапраўднымі мужыкамі?
Увогуле, гэта асобная тэма, якая патрабуе асобнага разгляду. Адразу хачу сказаць, што гэта проста разважанні вясковага святара, які замест тако, каб працаваць фізічна, займаецца абы чым. А з другога боку, можа хто знойдзе што і слушнае.
Такім чынам, трэба сесці і разабрацца, што кожны з нас з сябе ўяўляе. Хачу адзначыць, што даволі часта, калі выслухоўваеш чалавека, многае з таго, што ён табе кажа, выглядае зусім па другому, не так, як ёсць на самай справе. Заўсёды прысутнічае суб’ектывізм. На вялікі жаль, мы з вамі не ўмеем паглядзець на сябе збоку. Палічыць сябе павіннымі. У нас не хапае рашучасці прызнаць сваю памылку, а потым папрасіць прабачэння. Усе вакол павінны, але толькі не я…
Другое. Вось на што мне хочацца звярнуць увагу. Супругі пражылі чатыры гады, і толькі адно дзіця. Калі яны не могуць нарадзіць па нейкай важкай прычыне, якая звязана са здароўем – адна справа. Але калі прычыны не існуе – тут ужо другая справа. І гэта гаворыць пра нейкія падводныя камяні, пра якія ў артыкуле не напісана. Калі бацькі здаровыя, і ў сям’і толькі адно дзіця, то гэта «не есть хорошо». І хачу сказаць маладым, прыгожым, забяспечаным і не забяспечаным: колькі разоў жанчынкі, якія ўжо не могуць нарадзіць, ў прыватных бяседах шкадавалі, што ў маладосці былі глупенькімі і нарадзілі толькі адно дзіця. Пагэтаму Анастасія і Уладзімір павінны зразумець, што трэба кідаць усё і хуценька бегчы на агарод у капусту, ці бусліку паштовачку пісаць. Хуценька-хуценька, пакуль не позна.
Хто павінен у тым, што дзіця стала капрызным і нервовым? Безумоўна, павінны бацькі. І тыя гены, якія бацькі перадалі дзіцяці ў спадчыну. Але справа ў тым, што мама павінна думаць, што перш – наперш яна павінна ў тым, што ёсць такая праблема, а тата, са свайго боку, павінен думаць, што ён з’яўляецца прычынай капрызаў сына. І суадносна кожны з іх павінен працаваць над сабой.
Вось тут цікава. Напісана: «С чего начался конфликт. Первая истерика, по словам мамы, произошла после того, как сын попросил купить в ларьке машинку, а мама отказала. На доводы матери, что такие машинки у него есть, а денег лишних нет, он ответил криком: «Ты плохая! Папа всегда мне покупает, а ты – нет!» Мать пыталась объяснить Илье, что она покупает одежду, еду, но он не слушал. С тех пор, если мама отказывала в просьбах, Илья называл её «плохая», «жадная», говорил: «Ты мне всё запрещаешь», «Только ты меня заставляешь».
Вазьму на сябе рашучасць сказаць, што гэта была, напэўна, далёка не першая істэрыка. Гэта магла быць першая гісторыя, якая маме прыйшла на памяць, якую яна ўзгадала. Гісторыя, якая вывяла маму з сябе, і яна яе яскрава памятае.
Першай істэрыкай было, калі малыш зазлаваўся на маму і павярнуўся да яе спінкай, лежачы ўпоперак ложку. Ці калі цацку швырнуў за халадзільнік. НЕ можа дзіця вось так проста закаціць істэрыку. Заўсёды ёсць пачатак шляху.
Уся размова мамы з дзіцём гаворыць пра тую атмасферу, якая пануе ў сям’і. Пытанне: як дзіцё можа сказаць на маму, што яна «плахая»? Адкуль Ілья гэта ўзяў? Хто яму гэта сказаў, што мама плахая? Ён мог заплакаць, загневаца, сказаць, што яна яму шкадуе, што яна нічога не разумее, што яна яго не любіць, урэшце рэшт. А сказаць, што яна «плахая» можа толькі той, хто ведае, што мама можа быць «плахой». Або калі чуў, што маму так абзывалі. Ну а на маміны разважанні перад сынам, што яна купляе сыну «одежду, еду», праз пару-тройку годзікаў ён скажа: «А я не прасіў, каб ты мяне нараджала».
Вось усё-такі цікава, як у свой час сказаў святы: «Дайце нам харошых мацярок. Будуць харошыя дзеці» І чаму ён так сказаў?. Хто яго ведае. Кожны няхай вырашае сам. Як у той песні спяваецца: «Думайте сами, решайте сами, иметь или не иметь».
Далей яшчэ цікавей. Паразважаем. Анастасія прыходзіць, як напісана ў артыкулу, пасля першай істэрыкі дадому. І ўся ў слязах расказвае мужу: «Ведаеш, Валодзя, мы з табой робім нешта не так. Сёння Ілья папрасіў купіць яму машынку, а я сказала, што не куплю, адмовіла. Ён такую істэрыку закаціў на вуліцы. Мне так было сорамна перад людзьмі. А яшчэ абазваў мяне «плахой».
Цікава. А Уладзімір што ў адказ?. Прыкладна так: «Да, Насценька, мы самі павінны ва ўсім. Колькі раз я цябе абзываў, па ўсялякаму называў, крыўдзіў. Колькі раз мы з тобой сварыліся, што аж сцены калаціліся. А ён жа, наш сынулька, усё бачыў і чуў. І калі мы зараз не пачнём жыць па другому – хлябнём мы з табой гора. Пайду як след з ім пагавару». І вось Уладзімір зняў з сябе хвартушок (боршч ужо даварыўся). І пайшоў да сына ў пакой. А сын ужо даўно – прыдаўно забыўся, што там здарылася на вуліцы і якая там была істэрыка. Якая машына там была – усё ужо забылася.
Дык вось. Зайшоў бацька і сеў на канапе: «Сынок, я хачу з табой сур’ёзна пагаварыць». А сын у адказ: «Што здарылася, бачыш, я заняты». «Не, пачакай, сядзь побач са мной». Сын, не хочучы, прысеў каля бацькі.
А бацька і кажа: «Хачу я табе распавесці адну гісторыю. Даўным – даўно на свеце жыў чалавек. Звалі яго Ілій. Ён служыў у царкве, быў святаром. У яго было два сыны. Ілій быў заўсёды заняты. Яму ніколі не было часу сачыць за сваімі дзецьмі. Яны раслі, рабілі, што хацелі і выраслі неслухачамі. І аднойчы Бог сказаў Ілію, што пакарае яго. Пашле ў ад за тое, што ён не выхоўваў сваіх дзяцей, што не караў іх рамнём. І яны выраслі дрэннымі людзьмі. Ведаеш, сынок, я таксама дрэнны бацька. Мяне таксама Бог пакарае за тое, што ты расцеш такім неслухачам. А мне так хочыцца трапіць да Божанькі ў рай. Усю вечнасць быць са святымі. Там так добра. Пагэтаму ты прабач мяне, але з сённяшняга дня я буду цябе патрошкі ўразумляць рамнём». Здымаючы рамень, бацька працягваў: «У Бібліі ёсць такая запаведзь, якая гаворыць пра тое, што дзеці павінны любіць сваіх бацькоў, паважаць і шанаваць іх. І калі яны так будуць рабіць, то тады і самі будуць шчаслівымі і пражывуць шмат гадоў на зямлі. А калі не будуць любіць, не будуць слухацца і паважаць, будуць абзываць, то іх жыццё будзе несчаслівым. І кароткім. А ты сёння на вуліцы так абазваў маму, так яе пакрыўдзіў».
У гэты час сын насцярожыўся: што ж будзе далей?
Бацька, стараючыся захоўваць мір, дастаў рамень, павярнуў сына ды разочкі тры з любоўю і аперазаў хлопчыка. Той як зараве. А бацька: «Прабач, сынуля, другога выйсця я не бачу». Пацалаваў яго ў шчочку і пайшоў на кухню. І усё б добра было, і працэс выхавання ўвайшоў бы ў правільнае русла.
Але тут званок у дзверы. Ювенальная юстыцыя. Як гэта так. Вы б’яце свайго сына?! Гвалт, ратуйце, гэта «нарушение прав ребенка». А бацька, не разгубіўшыся, крыж у рукі і ім асяняючы: «Ізыдзі, нехрысць, з дому майго!» І дзверы хутчэй зачыняць…
Напрыканцы хочацца сказаць: у нашым грамадстве, ды не толькі ў нас, а ва ўсім свеце існуе вялікая праблема. Праблема дарослых людзей. Нашы дзеці, на вялікі жаль, толькі ахвяры абыякавасці, безадказнасці і бездухоўнасці бацькоў.

(184)