У мінулым годзе было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве Салігорскага аддзела адукацыі і Слуцкай епархіі. У Слуцкую епархію уваходзіць сем раёнаў. На гэты час пагадненне падпісана толькі з трыма раёнамі: Слуцкім, Салігорскім і Клецкім. Пагадненне падрыхтаваць і падпісаць – адна справа. І справа не такая ўжо і цяжкая. Самае цяжкое пачынаецца пасля падпісання, калі гэтае пагадненне трэба ажыццяўляць. Адразу адзначу, што мне спадабаўся той падыход, тыя адносіны, якія вызначыліся з боку Салігорскага аддзела адукацыі да падпісання пагаднення.
Неяк яшчэ мінулай вясной мне давялося пазнаёміцца з дырэктарам першай школы горада Салігорска. Перад тым як сустрэцца, шмат гаварыў з ёй па тэлефоне. Потым адбылася сама сустрэча. Знаёмства ўдалося. Дырэктар мне спадабаўся. Тэлефон яе захаваўся. Вось і вырашыў пачаць працу менавіта ў гэтай школе. Патэлефанаваў. Мяне пазналі, успомнілі. Сказаў, чаго званю: прапанаваў правесці бяседу з дзецьмі. На тым баку трубкі выслухалі і адказалі: «Калі ласка». І вось 14 студзеня, адслужыўшы службу, паехаў у Салігорск праводзіць бяседу ў 5–6 класах. Тут няма праблем – дзеці дарослыя. Гаварыць проста, нейкая практыка ўжо ёсць. Гэта не тое, што мне прыйшлося перажыць 13 студзеня ў дзіцячым садочку, трымаючы слова перад дзяцьмі, якім толькі тры – шэсць годзікаў. Пытаюся ў іх: «Чым я адрозніваюся ад Дзеда Мароза і чым я падобны на Дзеда Мароза?» А яны і давай казаць, як хто разумее, хто якія адрозненні і падабенства бачыць. Удакладняю: «Ну а барада ў Дзеда Мароза сапраўдная?» А дзеці ўсе разам у адзін голас: «САПРАЎДНАЯ!» Тут я і сумяўся. Мне думалася, што яны скажуць, што не, несапраўдная. А я скажу, што ў мяне-то сапраўдная. Усё пайшло не па майму сцэнарыю. Але я не разгубіўся і кажу, што і ў мяне таксама сапраўдная, што, нават, хто не верыць, можна праверыць, «падзёргаць». Пытаюся, ці хто хоча. Усе дзеці маўчаць. І тут адна дзяўчынка, Альбіна, падымае ручку і кажа: » Я хачу». Устала, падышла да мяне і так нясмела ўзялася, патузала… Але пра сустрэчу ў садзіку трэба пісаць асобна. Зараз пра сустрэчу ў Салігорску.
Прыехаў. Сустрэла сама дырэктар. Распрануўся. І пайшоў у аўдыторыю. Зайшоў у клас. Дзеці ўсталі, я павітаўся, прапанаваў сесці. Усе маўчаць. Бацюшка прыйшоў, усё сур’ёзна, будзе казаць пра нешта такое адказнае, неабходнае, грахоўнае і не грахоўнае. Адчуваецца такое напружанне, і каб трошкі абстаноўку разрадзіць, пачаў казаць, стоячы каля дзвярэй: «Пакуль я буду ісці да стала, вы, калі ласка, падумайце і адкажыце, чым я падобны і чым я адрозніваюся ад Дзеда Мароза?» Дзеці заўсміхаліся і сталі ўслых выказваць свае думкі. І тут я адчуў, што аўдыторыя мая. А далей размова пайшла па плану, па пытаннях, падрыхтаваных мною загадзя. Праўда, у час бяседы ўзнікала шмат другіх пытанняў, на якія мы разважалі і спрабавалі адказваць разам.
(17)