Патэлефанаваў малады чалавек і спытаўся, ці можна яму пахрысціцца ў барокскай царкве. Кажу:
— Калі ласка, толькі трэба спачатку нам сустрэцца, каб я мог вам расказаць пра Таінства хрышчэння, пра веру, задаць пару пытанняў.
Малады чалавек згадзіўся і мы дамовіліся, што заўтра ў дванаццаць гадзін ён абавязкова прыедзе. І сапраўды, назаўтра Віця, так назавём маладога чалавека, у прызначаны час прыехаў. Мы павіталіся. Я і пытаюся яго:
— Скажыце, калі ласка, а для чаго вы вырашалі пахрысціцца?
Малады чалавек не чакаў такога, на першы погляд, простага пытання. Было бачна, як ён як бы разгубіўся і нейкі час стаяў, не ведаў, што сказаць. Я зноў кажу:
— Вы вырашылі прыняць хрышчэнне, стаць хрысціянінам, нешта ж вас падштурхнула да такога рашэння, вы верыце ў Бога?
— Веру, і таму вырашыў пахрысціцца, каб быць бліжэй да Бога, — недзе прыкладна такі адказ я і чакаў.
Справа ў тым, што калі я праводжу размовы з бацькамі, якія хочуць пахрысціць сваё дзіця, то задаю ім такое ж пытанне. Звычайна бацькі вось так і адказваюць. Яшчэ, праўда, кажуць, што хрысцім, каб не хварэў, каб Гасподзь дапамагаў, каб ахоўваў; кажуць, што хрысцяць таму, што беларусы, таму, што трэба хрысціць, таму, што ўсе хрысцяць. Але на гэтым мае пытанні не заканчваюцца. І зараз, гледзячы прама ў вочы свайму суразмоўцу, працягваю:
— А што значыць «бліжэй да Бога»? І што значыць «верыць у Бога»?
Не пачуўшы адказаў на пытанні, я стаў гаварыць сам.
— Вы вырашылі пахрысціцца, і вы цудоўна павінны разумець, што значыць хрысціцца, разумець сэнс гэтага Таінства.
Мы якраз стаялі каля пісьмовага стала, а на стале ляжалі аркушы паперы. Я ўзяў адзін аркуш і вертыкальна паставіў перад сабой.
— Вось бачыце, аркуш паперы – хрышчэнне. Хрышчэнне падзяляе ваша жыццё на два адрэзкі. Да хрышчэння вы не верылі ў Бога, жылі для сябе, у сваю асалоду. Калі можна так сказаць, бралі ад жыцця, што можна ўзяць, ці што маглі ўзяць. Зусім не ведалі і нават не звярталі ўвагі на запаведзі, адным словам, жылі так, як вам хацелася, як вас навучылі. І вось вы паверылі. Вырашылі пахрысціцца. Значыць, вы, па-першае, павінны пакаяцца ў тых грахах, якія вы рабілі ў тым жыцці, да хрышчэння. Я маю на ўвазе грахі ў жыцці да таго, як паверылі ў Бога. Па-другое, у вас павінна быць яснае разуменне, што, паверыўшы ў Бога, прыняўшы хрышчэнне, вы пачынаеце жыць па-новаму, пачынаеце жыць не для сябе, а жыць для Бога. Вы як бы паступаеце на службу да Бога. Справа ў тым, што на самім Таінстве вы будзеце даваць Богу два абяцанні, два абеты. З аднаго боку, вы будзеце адракацца ад сатаны.
Што значыць адракацца ад сатаны? Мы з вамі павінны ведаць, што вакол нас існуе духоўны свет. Духоўны свет – гэта анёлы. А таксама павінны ведаць, што ў сусвеце існуе тры волі. Гэта Божая воля, бясоўская воля і чалавечая воля. Дык вось, калі мы з вамі робім дрэнныя справы, можна на ўсе сто працэнтаў сказаць, што мы выконваем волю сатаны. Значыць, калі мы хлусім, зайздросцім, крычым, п’ём, займаемся блудам, крадзём, робім шмат чаго дрэннага, значыць, мы служым сатане, выконваем яго волю, ён шэпча нам на вуха, што рабіць, і мы паслухмяна выконваем яго шэпты. Перад тым як пахрысціцца, вы адракаецеся ад сатаны, абяцаеце не выконваць яго волі, абяцаеце Богу, што будзеце старацца не рабіць дрэнных спраў. Вам зразумела, што я кажу?
— Зразумела, – адказвае аглашэнны Віця.
Я працягваю:
— Мала таго, што вы адракаецеся ад сатаны, вы абяцаеце Богу, што вы будзеце духоўна над сабой працаваць. Што значыць духоўна над сабой працаваць? Гэта значыць, што вы будзеце хадзіць у царкву, вы абяцаеце пасціцца у сераду і пятніцу, а таксама пасціцца ўсе чатыры пасты, абяцаеце свядома ўдзельнічаць у царкоўных Таінствах, такіх як споведзь, прычасце, сабораванне. Вы абяцаеце маліцца, чытаць Евангелле, чытаць духоўную літаратуру. Вы кажаце адно слова «сочітаваюся», што значыць – сочетаюсь, злучаюся, яднаюся. Але гэта адно слова падразумявае ўсё тое, што я вам пералічыў. Вы з Богам добраахвотна, не прымусова, падпісваеце кантракт. Духоўны кантракт. Толькі падпісваеце не на паперы, а ў сэрцы, у душы. Падкрэсліваю, што вы добраахвотна паступаеце да Бога на службу. Сваім жыццём вы будзеце старацца праслаўляць Бога. Будзеце старацца жыць так, як жыў Хрыстос, як жылі святыя, будзеце старацца выконваць усе царкоўныя законы. У Сімвале Веры ёсць такія словы: «Верую ў Адзіную Святую Саборную і апостальскую царкву» – значыць, я веру, значыць, прызнаю ўсе законы, усе запаведзі, усе пастанаўленні і звычаі, якія прыняты царквой. Прызнаю, веру – і абяцаю іх выконваць…
І вось калі ў наступную нядзелю вам пазвоніць ваш сябра і прапануе вам паехаць на рыбалку вы ўжо, калі прымеце хрышчэнне, павінны будзеце яму адмовіць, таму што вы самі на Таінстве хрышчэння паабяцалі Богу, што ў нядзелю будзеце наведваць службу, а не ездзіць на рыбалку. Шмат хто з нас успрымае веру ў Бога з чыста эгаістычнага боку. Божанька, дай, Божанька, дапамажы купіць кватэру, купіць ці прадаць машыну, Божанька, дай здароўе. І зусім нам не хочацца чым-небудзь Госпаду ахвяраваць. Хрышчэнне – гэта як бы падрыхтаванасць чалавека ахвяраваць Богу сваім хаценнем, сваімі жаданнямі, сваім часам, сваімі пажадзямі. Вы павінны цудоўна разумець, што ваша жыццё да хрышчэння павінна адрознівацца ад жыцця пасля хрышчэння. Вы гатовы выконваць тыя абяцанні Богу, якія будзеце даваць на хрышчэнні?
Малады чалавек адказаў:
— Гатовы.
— Ну, а зараз пару слоў пра тое, што значыць верыць у Бога. Верыць у Бога – гэта значыць верыць у тое, што Іісус Хрыстос Сын Божы. Ён прыйшоў на зямлю, прынёс сябе ў ахвяру за ўсіх людзей Верыць у Бога – значыць цвёрда верыць, што чалавек створаны не для зямнога жыцця, што ў нас ёсць душа. Верыць у Бога – гэта верыць у тое, што душа пасля смерці працягвае жыць. Вы ва ўсё гэта верыце? – пытаюся у маладога чалавека.
— Веру, – адказвае Віця.
— Вось і цудоўна, што верыце. У такім выпадку я ўжо не магу вам адмовіць, не магу не пахрысціць. Значыць, будзем хрысціцца.
Толькі не ведаю, ўлавілі вы ці не, такую дэталь. Перад тым як пахрысціцца, вам трэба паспавядацца, пакаяцца ў грахах, у тых дрэнных справах, якія вы зрабілі да святога хрышчэння. Зразумела, што вы не можаце каяцца у тым, што парушалі запаведзі, якія напісаны ў Евангеллі, ці ў тых запаведзях, якія Гасподзь даў Маісею на гары Сінай. Трэба каяцца, калі можна так сказаць, у чыста чалавечых грахах. Каяцца ў тым, у чым вас абвінавачвае ваша сумленне. Вам непрыемна ўспамінаць, вам сорамна, адчуваеце нейкую віну перад якім-небудзь чалавекам. Вы, калі ласка, дома сядзьце, прадумайце, прааналізуйце. Было б нават добра, каб вы ўсё запісалі, а потым прачыталі, пакаяліся. Вам зразумела?
Віця, падцвярджаючы, махнуў галавой. А я казаў далей.
— І яшчэ б мне трошкі хацелася вам распавесці пра само Таінства. А дзеля гэтага запрашаю вас зазірнуць у гісторыю. Некалі даўным-даўно ў Сусвеце існаваў толькі Бог. Не было ні зямлі, ні сонца, ні месяца, ні другіх планет, быў толькі Бог. Не было птушак, жывёл, людзей. Бог быў спрадвеку. Гэта значыць, што не было такога часу, калі Бога не была. Бог – гэта Дух. Бог – сама дасканаласць, само блажэнства. Бог ніколі, ні ў кім і ні ў чым не меў аніякай патрэбы. І вось аднойчы Бог як бы думае: «Мне добра. Я шчаслівы і не маю ні ў кім і ні ў чым аніякай патрэбы, неабходнасці. Ствару Я другія істоты, каб яны карысталіся маёй дабрынёй, каб яны, гэтыя істоты, жылі вечна, карысталіся маёй благадаццю, былі шчаслівымі, праслаўляючы Мяне, служачы Мне».
І Бог пачаў тварыць. Як напісана ў Бібліі: «Спачатку Бог стварыў неба і зямлю». Пад словам «неба» мы павінны разумець, што Бог стварыў Свет Анёлаў, тое месца, дзе жывуць Анёлы. Пад словам «зямля” павінны разумець, што Бог стварыў матэрыю, з якой потым і тварыў Сусвет. На шосты дзень Бог стварыў чалавека. Стварыў яго з зямлі і ўдунуў у яго, у чалавека, «дыханне жыцця». Мы павіны разумець, для чаго Бог стварыў чалавека. Бог стварыў чалавека для шчасця, для вечнага блажэнства. Стварыў чалавека святым і вечным. Чалавек павінен быў жыць вечна. Ён не павінен быў паміраць. Праўда, дзіўна гучыць, што Бог стварыў чалавека для шчасця? А дзе тое шчасце, дзе тое блажэства, калі на зямлі столькі зла, столькі ўсякіх бед, войнаў, прыродных катаклізмаў. Спачатку ўсё было не так. Бог стварыў чалавека святым. Гэта так. Але гэта не азначае, што чалавек не мог змяняцца, духоўна расці, удасканальвацца, ці наадварот, падаць. Стварыўшы людзей, Адама і Еву, Бог пасяліў іх у раю. Пасяліў у раю не для таго, каб яны там адпачывалі, загаралі, бралі ад жыцця, што можна ўзяць. Пасяліў для таго, каб яны там працавалі. Вы чуеце, што кажу…! Каб працавалі. Бог даў першым людзям запаведзь. Запаведзь паслушання. Бог дазволіў людзям ужываць у ежу плады з усіх дрэў, якія раслі ў раю. Забараніў толькі есці з дрэва, якае расло пасярэдзіне Рая. Бог назваў гэта дрэва «дрэвам пазнання дабра і зла». Гэта не значыць, што плады з дрэва неслі нейкую інфармацыю, нейкія веды, якія Бог не хацеў, каб людзі ведалі. Бог даў запаведзь паслушання для таго, каб людзі духоўна раслі, прыбліжаліся ў духоўным плане да Бога. Калі Бог даваў запаведзь, Бог папярэдзіў Адама, што калі ён з’есць, то адразу памрэ смерцю. Значыць, працерпіць нейкія змены. Смерці дзве. Першая смерць – духоўная, другая – цялесная. Дык вось, калі Адам і Ева спакусіліся, з’елі забаронены плод, іх адразу напаткала духоўная смерць. Адам і Ева імгнена працярпелі духоўную катастрофу. Да грэхападзення яны не ведалі, што значыць адзін аднаму не давяраць, адзін аднаму хлусіць, адзін аднаго не любіць. Пасля грэхападзення яны пазналі, што такое зло. Іх спацігла духоўная смерць. Тая благадаць духа святога, якая напаўняла іх, пакінула іх. Замест благадаці ў іх увайшла бясоўская сіла. І такім чынам, у Сусвеце не стала больш чалавека, якім стварыў яго Бог. Узнікае пытанне: а як жа быць далей, як жа быць з тамі задачамі, якія перад чалавекам паставіў Бог. А Бог паставіў перад чалавекам тры задачы.
Першая. Чалавек павінен быў выконваць запаведзь паслушанне. І выконваючы паслушанне, духоўна расці. Гэта першая.
Другая. Рай, куды Гасподзь пасяліў Адама і Еву, знаходзіўся не на зямлі. Задача чалавека заключалася ў тым, каб ператварыць усю зямлю ў рай.
І трэцяя задача. Чалавек складаецца з матэрыяльнага і духоўнага. І вось у выніку духоўнага росту чалавек павінен быў аб’яднаць у сабе духоўны і матэрыяльны свет. Што гэта значыць? Памятаеце, калі Гасподзь наш Іісус Хрыстос уваскрос, Ён, маючы цела, мог праходзіць праз зачыненыя дзверы, мог з’яўляцца і знікаць. Вось да такога духоўнага стану павінны балі дарасці людзі, выконваючы запаведзь паслушання. А так як чалавек парушыў запаведзь, працярпеў страшэнныя змены, то тыя задачы, якія Гасподзь паставіў перад ім, ён ужо не мог выканаць.
Бог выганяе Адама і Еву з Рая на зямлю, у іх нараджаюцца дзеці, унукі, праўнукі. І такім чынам, зямля напаўняецца людзьмі. І людзі паступова забываюцца пра Бога. Яны не ведаюць, для чаго створаны, не ведаюць, хто іх стварыў. Адным словам, грэх на зямлі памнажаецца. І вось Бог Айцец вырашае паслаць на зямлю свайго адзінага Сына, каб той напомніў людзям пра Бога. Каб не толькі расказаў пра Бога, прынёс нейкае новае вучэнне, а на асабістым прыкладзе паказаў людзям, як трэба жыць, каб вярнуцца ў страчаны рай. Бог пасылае Свайго Адзінароднага Сына, каб Той выканаў тое, што ў свой час не змог выканаць Адам.
Вось бачыце распяцце, – я рукой паказваю ў бок распяцця, – у Адама і Евы было дрэва пазнання дабра і зла, а ў Іісуса Хрыста крыж. Адам і Ева ішлі да дрэва, а Іісусу Хрысту прыбілі ножкі да крыжа. Адам і Ева цягнулі рукі, каб сарваць і з’есці плод, а Іісусу Хрысту прыбілі рукі да крыжа. Адам і Ева елі плод, а Іісуса Хрыста паілі воцатам. Іісуса Хрыста рапінаюць на крыжы. Ён церпіць страшэнныя пакуты, памірае, а потым уваскрасае. І вось недзе вобразна можна ўявіць так. Прыходзіць Іісус Хрыстос да Бога Айца і кажа: «Бог Айцец, здымі тое пракляцце з чалавека, якое Ты налажыў на чалавека за непаслушанне. Прымі маю ахвяру. Вярні людзям тую благадаць, якую людзі мелі да грэхападзення. Бог Айцец прымае ахвяру Свайго Сына і вяртае людзям благадаць праз Таінства хрышчэння. І вось першае. Калі чалавек хрэсціцца, ён паграбаецца для грахоўнага жыцця. Ён як бы святой вадоў змывае тай першародны грэх, які перадаецца ад Адама і Евы з пакалення ў пакалення. Чалавечая плоць узнаўляецца.
Другое. У выніку таінства Мірапазання чалавеку даецца благадаць, якую мелі Адам і Ева да грэхападзення.
І трэцяе. Чалавеку выдзяляецца Ангел-храніцель, які з чалавекам знаходзіцца на працягу ўсяго жыцця. Хрышчэнне – гэта духоўнае нараджэнне. Для гэтага чалавека пачынаецца царства нябеснае. І каб людзі памяталі пра тыя абяцанні, якія давалі на самім Таінстве, дык ім не трэба было б растлумачваць, «что такое хорошо, а что такое плохо». Тая благадаць у іх бы развівалася, духоўныя законы, якія закладзены Творцам у чалавека, пачыналі б самі працаваць і тады б чалавеку не трэба было думаць грэх так рабіць ці не. Ён бы інтуітыўна адчуваў, што можна яму рабіць, што будзе яму карысна, а што не, што лепей не рабіць, бо яно прынясе толькі шкоду душы. На жаль, сёння мы сутыкаемся з тым, што людзі не разумеюць сэнс хрышчэння, не памятаюць пра тыя абяцанні, якія даюць на Таінстве, духоўна над сабой не працуюць, і тая благадаць, якую атрымалі, так і застаецца ў першапачатковай форме. І тады мы блытаем усё ў адно: веру ў Бога, «суеверие», паганства».
Такім чынам паразмаўляўшы, прызначылі мы з маладым чалавекам час хрышчэння…
(96)