Адзначылі ўсе зімовыя святы

17 студзеня, пасля службы, сабраліся ўсім нашым прыходам і адзначылі ўсе зімовыя святы. Хораша пасядзелі. Кожны пастараўся расказаць, чым яму запоўніўся мінулы 2015 год. А гэты год сапраўды для ўсіх нас быў проста насычаны падзеямі. Самая значная падзея – гэта тое, што тры разы наш прыход наведваў Архірэй. Тры вялікія ўрачыстыя службы. Падрыхтоўка, сустрэча, трапеза. І ўсё ўсе разам, як адна каманда. Мала таго, і зноў прыхаджане прапаноўваюць мне, каб у лютым, перад пастом, Уладыку запрасіць…

Дзякуй Богу, у мінулым годзе здзейснілася наша мара: мы восенню з’ездзілі ў паломніцкую паездку ў Расію.

Таксама значнай падзеяй было і тое, што нам удалося расчысціць бераг Баслаўскага возера і зрабіць Юр’еў пляж. Пішу і ўсміхаюся: які там пляж? Але ўсё роўна на гэтым месцы паставілі крыж, выязджалі з начоўкай з дзецьмі. Ну і самае галоўнае, мелі магчымасць усім прыходам пасядзець на пляжы і пагаварыць.

У мінулым годзе адрамантавалі закінутую хатку. І з закінутай хаткі зрабілі трапезную. Назвалі яе «Царкоўная хатка». Гэта, я б сказаў, самыя значныя нашы прыхадскія падзеі, якія адбыліся ў 2015.

На гэты год таксама шмат планаў. Але пра планы лепш зараней не пісаць, а то тады абавязкова нічога не атрымаецца. Ну і не буду.

(11)