Ёсць цудоўная традыцыя ў Баслаўскім прыходзе. Бацюшка пасля свята Хрышчэння ходзіць па вёсках і святой хрышчэнскай вадай акрапляе людскія домікі. Гэтай традыцыі шмат гадоў. Нейкі перыяд традыцыя перарывалася, але пасля таго, як айцец Георгій стаў настаяцелям царквы ў вёскі Барок, яна зноў аднавілася. Ёсць самыя розныя людзі: адны рады прыходу святара, з радасцю і з чыстым сэрцам сустракаюць яго, другія наадварот: зачыняюцца і не пускаюць. Калі ласка, кожны робіць так, як яму падказвае яго сэрца.
22 студзеня бацюшка акрапляў хаты ў вёсцы Ветка. Раней гэтая вёска мела зусім другую назву. Называлі яе – Хранова. Яшчэ раней, да савецкай улады, ў гэтай вёсцы стаяла царква. Яна была прыпісной да Міхайлаўскай царквы горада Слуцка. Потым царкву разбурылі. І ўжо ў цяперашні час было вырашана пабудаваць новы храм. Арганізаваўся прыход. Прыход не самастойны, а прыпісны да Барокскага. Храм як бы і пабудавалі. Праўда, яшчэ яго не асвяцілі. Вось толькі адна праблема: тыя бабулькі, якія некалі вырашылі будаваць храм, ужо пакінулі зямлю. І зараз царква стаіць, толькі не хоча ў яе амаль ніхто хадзіць. На Нараджэнне Хрыстова было 5 чалавек, а на Хрышчэнне недзе сем чалавек.
Чаму так? Чаму ў людзей няма ахвоты наведваць Дом Божы?. Ды і ў самім Барку карціна не лепшая.
На вялікі жаль, прыходзім да высновы, што сёння людзям не трэба Бог. Жывецца не блага. У магазінах купіць можна ўсё. Машыну, а то і па некалькі маюць усе, хто працуе, хто мае нейкі розум. Медыцына развіта. На што той Бог? Людзі паміраюць – ну што тут зрабіць? Ну што тут скажаш: такі закон прыроды. Грахі? Якія там грахі! Хто зараз на нейкія грахі глядзіць. Так ужо ўстроены свет: «Не ўкрадзеш – не пражывеш. Гэта ў людзей нельга красці, а ў калгасе ці на прадпрыемстве можна». Так народ кажа. «Другія не столькі крадуць». Складаецца ўражанне, што толькі глупы чалавек зараз не крадзе. Душа! Якая там душа! Хто яе дзе бачыў? Жыццё пасля смерці! А хто з таго света вяртаўся? А можа, там нічога няма?. Вось недзе так разважае сучасны чалавек. І жыве сабе, пакуль жывецца.
Вёска паціху адыходзіць у нябыт. Хаты пусцеюць і апускаюцца. Жыццё замірае. Што будзе праз гадоў дваццаць на гэтым месцы?
(35)